Ужо амаль год Расія вядзе вайну супраць Украіны. Напярэдадні гадавіны агрэсіі ў Крамлі гучна арганізавалі святкаванне 80-годдзя перамогі ў Сталінградскай бітве. Каля музея-запаведніка «Сталінградская бітва» у Валгаградзе адбылося ўрачыстае адкрыццё бюстаў Іосіфа Сталіна, Георгія Жукава і Аляксандра Васілеўскага.
З нагоды «урачыстасці» у Валгаградзе прайшоў марш жаўнераў Расгвардыі у форме НКВД. На святкаванне прыехаў Пуцін, які параўнаў падзеі Айчыннай вайны з сучаснасцю. Таксама мясцовыя жыхары віталі адкрыццё помніка Сталіна, кажучы, што сталінскіх рэпрэсій не было, а толькі цяжкасці ў кіраванні.
Толькі адзінкі выказваюць сваю нязгоду з мілітарызмам ды вяртаннем да сталінскіх практык у Расіі. За гэта іх пераследуюць, як мастачку Алену Осіпаву, якая зладзіла ў Пецярбургу выставу антываенных плакатаў. Паліцыя ачапіла будынак, дзе адкрылася выстава ды канфіскавала яе работы.
Гэтыя толькі некаторыя факты, што ілюструюць новы лад у расійскай дзяржаве. Гэта неасавецкі алігархічны таталітарызм, кажа палітолаг Павал Усаў.
- Тое, што мы бачым, гэта вынік ранейшых працэсаў: стварэнне новага культу асобы Пуціна, рэабілітацыя практык з часоў Савецкага Саюза. Пры гэтым застаецца алігархат. Можна гэта назваць алігархічным таталітарызмам. Пры ўладзе ў Расіі застаецца група вельмі багатых людзей, якія атрымалі абсалютную ўладу. Для кантролю за грамадствам яны выкарыстоўваюць механізмы атуплення насельніцтва. Другім элементам расійскага таталітарызму з'яўляецца вонкавая агрэсія ды рабаванне іншых дзяржаў. Гэта Грузія, Украіна. Вайна ва Украіне – гэта апагей таталітарнага панавання.
Як глыбока пойдзе Пуцін, ці паўторацца масавыя расстрэлы нязгодных ды ГУЛАГ?
- Па сутнасці новы твар расійскай дзяржаўнасці ўжо аформіўся. Мы будзем назіраць далей толькі пашырэнне агрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да суседзяў ды пашырэнне рэпрэсій унутры Расіі. Ужо вяртаюцца савецкія практыкі пераследу палітычных апанентаў. Цяпер ідзе працэс рэабілітацыі Сталіна ды яго палітыкі. Мы ўжо бачым павелічэнне рэпрэсій, застаецца толькі дачакацца стварэння сістэмы ГУЛАГ-у.
Сталінізм завяршыўся разам са смерцю Сталіна, ці пуцінізм чакае падобны лёс?
- Сітуацыя значна глыбейшая. Пуцінізм больш устойлівы, бо базуецца не на ідэалогіі. Эліты атрымалі доступ да багаццяў. Тыя, хто цяпер у Расіі пры ўладзе будуць імкнуцца любымі сродкамі захаваць уладу, каб захаваць накрадзенае багацце. Грошы, якія яны маюць дазволяць ім значна даўжэй кантраляваць грамадства з выкарыстаннем масавых сродкаў інфармацыі. Нават са смерцю Пуціна ў Расіі нічога не зменіцца, бо ёсць кансалідаваны кіроўны клас алігархаў ды сілавых структур.
Цяперашні расійскі таталітарызм накіраваны не толькі на змаганне з грамадствам і палітычныя рэпрэсіі. Пуцінізм моцна мілітарызаваны, ён вельмі агрэсіўны ў дачыненні да суседзяў. Толькі параза Расіі ў вайне з Украінай можа прывесці да нармалізацыі сітуацыі ўнутры РФ.
Юры Ліхтаровіч